РАГАЧО́ЎСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ, мужчынская настаўніцкая семінарыя,

агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова з пед. профілем. Існавала з 1.7.1909 да 1919. Рыхтавала настаўнікаў пач. нар. вучылішчаў пераважна для Віленскай навучальнай акругі. Прымаліся асобы ўсіх саслоўяў з 16-гадовага ўзросту, якія скончылі пач. нар. вучылішча. Паступаць у ВНУ выпускнікі семінарыі не мелі права. Мела 4 асн. і 2 класы ўзорнага пач. вучылішча, дзе навучэнцы праходзілі практыку, музей наглядных дапаможнікаў, працавалі курсы для настаўнікаў пач. школ. Выкладаліся: закон Божы, педагогіка, царкоўнаслав. і рус. мовы, матэматыка, фізіка, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне, мастацтва, спевы, гімнастыка, рамяство (пераплётнае майстэрства і пляценне кошыкаў). У 1915 працавалі дырэктар, законанастаўнік, 10 выкладчыкаў, урач. У 1911 у семінарыі 181 выхаванец, у 1915—200. У кастр. 1911 пры семінарыі адкрыта пач. школа для дарослых, у 1915 створана камісія для дапамогі дзецям, бацькі якіх мабілізаваны ў армію, і дзецям бежанцаў. У 1919 пераўтворана ў 3-гадовыя пед. курсы для падрыхтоўкі выкладчыкаў 1-й ступені адзінай прац. школы, на базе якіх ў 1920 створаны пед. тэхнікум.

Літ.:

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985;

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 13, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)